Homo antecessor (Чалавек-папярэднік[1] або чалавек які папярэднічае[2] ) — выкапнёвы від людзей, які існаваў у перыяд ад 1,2 млн. да 800 тыс. гадоў назад. Вядомы па раскопках у Атапуэрке. Homo antecessor лічыцца самым старажытным гамінідам Еўропы (старэй толькі Homo georgicus, выяўлены ў Грузіі недалёка ад пасёлка Дманісі — яго ўзрост дасягае 1,7—1,8 млн гадоў).
Галава H. antecessor валодала незвычайнай сумессю характэрных рысаў неандэртальца і сучаснага чалавека. У іх былі буйныя надброўныя дугі, доўгая і нізкая чэрапная скрынка, масіўная ніжняя сківіца без падбародка і буйныя зубы, як у неандэртальца. Твар, наадварот, быў адносна плоскім і не выдаваўся наперад, то бок быў падобным на твар сучаснага чалавека. Рост — 1,6—1,8 м, вага дарослага мужчыны — прыкладна 90 кг, аб'ём мозгу — каля 1000 см³. Згодна з Хуанам Арсуаге, які абапіраецца на вынікі тамаграфічных даследаванняў, Homo antecessor быў праўшой, што вылучае яго з шэрагу прыматаў-папярэднікаў.
Упершыню падвід быў апісаны ў 1997 годзе на аснове знаходак (рэшткі падлетка невядомага полу, 10-12 гадоў), выяўленых у 1994 годзе ў гарах Атапуэрка на тэрыторыі Іспаніі. Узрост знаходак датаваўся лічбай 800 тыс. гадоў. У пячорах Атапуэркі старажытныя людзі жылі даволі доўга, і там назапасілася вялікая колькасць расколатых костак жывёл, якіх ужывалі ў ежу. У старажытных смеццевых кучах сярод костак коней, аленяў, насарогаў і іншых траваедных жывёл навукоўцы знайшлі косткі людзей. Усе яны, відавочна, былі расколатыя і разгрызены, як і косці жывёл. Даследчыкі мяркуюць, што сярод харчовых адходаў знаходзяцца рэшткі як мінімум адзінаццаці чалавек, прычым амаль усе яны былі дзецьмі і падлеткамі. Хасэ Марыя Бермудас дэ Кастра, кіраўнік праекта «Атапуэрка», якое ўваходзіць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, кажа, што мяркуючы па ўсім, у старажытных людзей не было недахопу ў ежы. Мясцовасць вакол пячор у тыя часы была вельмі ўрадлівай, траваедных жывёл, якія служылі здабычай старажытным людзям, было шмат. Склад смеццевых куч у пячорах таксама не сведчыць аб голадзе. Што прымусіла іх есці сабе падобных, прычым дзяцей, незразумела. На рытуальны канібалізм гэта не падобна — пасля рытуалу косткі наўрад ці б выкідвалі ў агульную кучу. Магчыма, што насельнікі Антапуэркі з'ядалі сваіх суседзяў з іншых пячор, захопленых падчас нападаў на іх.
У 2007 годзе экспедыцыяй Эудальда Карбанэля ў пячоры Сіма дэль Элефантэ (Іспанія) былі знойдзены новыя рэшткі дадзенага віду чалавека[3]. Знаходка прадстаўлена ў выглядзе сківіцы жанчыны[4] 30-40 гадоў і датавалася ўзростам 1,1—1,2 мільёна гадоў. У пячорных адкладах Сіма дэль Элефантэ выдзелена 13 паслядоўных слаёў. Сляды прысутнасці чалавека выяўленыя ў трэцім пласце знізу, прыкладна ў 4 м ад каменнага дна пячоры. У адным пласце з чалавечай сківіцай знойдзеныя косткі разнастайных дробных млекакормячых, у тым ліку мышападобных грызуноў і драпежнікаў з сямейства куніцыных. Па адзінаму абломку ніжняй сківіцы цяжка адназначна вызначыць відавую прыналежнасць знаходкі. Па шэрагу марфалагічных прыкмет гэтая сківіца нагадвае некаторых прадстаўнікоў віду Homo erectus і нават больш прымітыўнага Homo georgicus.
Таксама ў 2010 годзе, у Англіі былі знойдзеныя інструменты і рэшткі, узростам 950 тыс. гадоў, якія дазваляюць меркаваць, што Homo antecessor з'яўляецца найбольш раннім чалавекам, які пражываў у Паўночнай Еўропе[5].
У маі 2013 года на размытым морам беразе ў Хейсбара (Норфалк, Англія) былі знойдзеныя адбіткі чалавечых ног[6]. Яны з'яўляюцца найстарэйшымі адбіткамі ног, знойдзенымі за межамі Афрыкі (узрост 850 000-950 000 гадоў), і, верагодна, звязаныя з Homo antecessor[7].
Даследаванне зубнога каменя дазволіла ўсталяваць, што старажытныя людзі ўжывалі ў ежу злакавыя расліны (аб чым сведчаць гранулы крухмалу) і мяса[8][9][10] і не карысталіся агнём[11].