Форт №5 (Брэсцкая крэпасць)
Абарончае збудаванне | |
Форт №5 Брэсцкай крэпасці | |
---|---|
52°02′51″ пн. ш. 23°40′23″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Гершоны |
Будаўнік | Мікалай Обручаў |
Архітэктар | Эдуард Татлебен |
Будаўніцтва | 1878—1888 гады |
Стан | добры |
Пяты форт — абарончае збудаванне Брэсцкай крэпасці, узведзенае ў 1878—1888 г. каля вёскі Гершоны (цяпер — у межах Брэста), узор буйнога фартыфікацыйнага аб’екта, які адлюстроўвае маштабы цытадэльнага будаўніцтва XIX стагоддзя[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва форта было выклікана неабходнасцю ўмацавання Брэсцкай крэпасці, абумоўленага змяненнямі, якія адбыліся ў вайсковай тэхніцы. У 1862 г. расійскім інжынерам, генералам Эдуардам Татлебенам быў распрацаваны план па ўдасканаленні крэпасці, які прадугледжваў будаўніцтва асобных фартоў. Месцы для іх узвядзення зацвердзіла ў 1876 г. камісія на чале з генерал-лейтэнантам інжынерных войскаў Мікалаем Обручавым. Праз два гады пачалося будаўніцтва дзевяці падобных аб’ектаў, аддаленых на 3.5—4 км ад самой крэпасці, з адлегласцю ў 4 км паміж імі[1].
Пяты форт з’яўляецца адным з найбольш захаваных збудаванняў гэтай фартыфікацыйнай лініі. Працы па яго ўзвядзенні пачаліся ў 1878 годзе і завяршыліся праз дзесяць гадоў. У 1903 г. пабудова была рэканструявана: цагляныя скляпенні ўмацавалі бетонным пакрыццем таўшчынёй у 1.8—2 м., па ўсёй лініі адхона былі ўладкаваны адмысловыя нішы для 2—3 стралкоў, пры гэтым участкі адхона паміж імі служылі траверсамі і абаранялі вайскоўцаў ад флангавага агню. Пазней, у 1908—1914 гадах, адбылося новае ўдасканаленне форта, у ходзе якога ён быў значна перабудаваны; пад валамі і ўкрыццямі для пяхоты былі створаны склады для амуніцыі[1].
Нягледзячы на сваё абарончае прызначэнне, форт №5 значнага ўдзелу ў баявых дзеяннях Першай і Другой сусветнай войнаў не прымаў і выкарыстоўваўся проста як склад боепрыпасаў. Гэта адбылося ў выніку змянення стратэгіі вядзення войнаў, паводле якой пры надыходзе праціўніка па ўсёй шырыні фронта, гарнізон арганізавана адступаў, забіраючы з сабой увесь рыштунак і тэхніку. У адваротным выпадку, ён рызыкаваў апынуцца ў тыле ворага, без магчымасці паўплываць на сваё становішча[2].
Пасля Другой сусветнай вайны фартыфікацыйная адзінка некаторы час выкарыстоўвалася як склад і неўзабаве ўвогуле была закінута. У другой палове 1990-х г. была праведзена рэканструкцыя збудавання, пасля якой у памяшканнях размясціўся музей фартыфікацыі і ўзбраення «5-ты форт», які ўваходзіць у склад мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць». На тэрыторыі колішняга гарнізона таксама дзейнічае выстава ваеннай тэхнікі. У 1995 г. фартыфікацыйнае збудаванне ўняслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[3]
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Пяцікутны ў плане цагляны будынак, абнесены валам. Складаецца з гарнізоннай казармы, якая налічвае 11 казематаў, капаніра на 6 гарматаў, бакавых паўкапаніраў і тыльнага (гаржавога) капаніра. Усе збудаванні пятага форта Брэсцкай крэпасці злучаны падземнымі калідорамі, якія ў дадзеным выпадку называюцца патэрнамі[2].
Пад валам з цэнтральным траверсам знаходзяцца казармы з анфіладнай сістэмай размяшчэння памяшканняў і скляпеністым перакрыццем. Роў з двума адзінарнымі і двума двайнымі эскарпамі (заднімі адхоннымі сценкамі рова) запоўнены вадой. Таўшчыня сценаў — 5-6 метраў. Памяшканні пад пярэднім валам маюць выхад ва ўнутраны двор[1].
Зноскі
- ↑ а б в г Свод памятников истории и культуры Белоруссии 1990, с. 132.
- ↑ а б Пяты форт Брэсцкай крэпасці . Vedaj.by (2007—2019).
- ↑ Музей «Форт № 5» . Ekskursii.by (2014—2019).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я.Абламскі, І.М.Чарняўскі, Ю.А.Барысюк. — Мінск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область/АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорус. Сов. Энцикл.; / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990. — 424 с. — ISBN 5-85700-017-3.