Перайсьці да зьместу

TUT.BY

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
tut.by
Тып інтэрнэт-партал
Даступныя мовы беларуская, расейская
Уладальнік УП «Надзейныя праграмы»
Аўтар Сяргей Дзьмітрыеў
Пачатак працы 5 кастрычніка 2000 (24 гады таму)
Канец працы 18 траўня 2021
Камэрцыйны? так
Рэгістрацыя неабавязковая
Рэйтынг Alexa 4 (у Беларусі) (студзень 2020)[1]
Мова праграмаваньня PHP
www.tut.by

TUT.BY (прамаўляецца як Тут бай) — беларускі партал, які адкрыўся 5 кастрычніка 2000 году. Партал мае пошукавую сыстэму й падае такія сэрвісы, як дайджэст навін, бясплатная электронная пошта, форумы й іншае. Агулам на сайце каля 50 тэматычных падзелаў і сэрвісаў.

З 8 ліпеня 2021 году часова працуе ў выглядзе новай мёдыяплатформы — Zerkalo.io(be), якая зьяўляецца копіяю парталу[2].

У пачатку сакавіка 2000 году вядомы кампутарны журналіст Сяргей Дзьмітрыеў напісаў на форуме газэты «Кампутарныя весткі» пра тое, што ў яго ёсьць ідэя стварэньня беларускага інтэрнэт-праекту, якую ён падорыць таму, хто возьмецца яе рэалізаваць. На заклік адгукнуўся кіраўнік прыватнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы» Юры Зісер. Дзень іх асабістай сустрэчы 15 сакавіка 2000 году разглядаецца як пачатак гісторыі TUT.BY.

Ідэя Сяргея Дзьмітрыева складалася ў стварэньні бясплатнага паштовага сэрвісу для беларусаў, аналягічнага Mail.ru. Да абмеркаваньня праекту былі прыцягнутыя іншыя журналісты газэты «Кампутарныя весткі» — Андрэй Кананавіч і Кірыл Валошын, а таксама праграміст Даніла Рудэнка, які валодаў на той момант досьведам распрацоўкі электронных паштовых сэрвісаў і сайтаў. «Наша мэта — стаць беларускім Yahoo!» — заявіў кіраўнік TUT.BY Юры Зісер. Зьявіўся бізнэс-плян разьвіцьця сэрвісаў TUT.BY да 2005 году.

Распрацоўка парталу пачалася ў ліпені 2000 году, а ўжо 5 кастрычніка 2000 году ён адкрыўся для наведвальнікаў. Першапачаткова новы рэсурс складаўся зь бясплатнай электроннай пошты, навінаў (з архівам і анонсамі), надвор’я, курсаў валют, коштаў на паліва і гасьцёўнай кнігі. У канцы 2000 году зьявіліся форумы, а таксама сталі надавацца паслугі платнага хостынгу і інтэрнэт-рэклямы. 17 сакавіка 2004 году на галоўнай старонцы разьмясьцілі лічыльнік наведвальнікаў «Акавіта»[3].

6 сьнежня 2007 году а 09:00 TUT.BY запусьціў уласнае інтэрнэт-радыё, што ў студзені 2010 году ператварылася ў сеціўнае тэлебачаньне[4].

Далей зьявіліся сэрвісы пошуку працы, пошукавы сэрвіс і многія іншыя — агулам больш за 50. У 2008 годзе — уласная сацыяльная сетка «Я тут!».

У лютым 2009 году на базе беларускага парталу яго ўладальнікі разам з партнэрамі адчынілі аналягічны партал ў КазахстанеNUR.KZ. У сакавіку кампанія абвясьціла пра пераход паштовага сэрвісу на плятформу Google Apps[5].

25 чэрвеня 2009 году некаторыя браўзэры (Firefox, Chrome, Safari) і пошукавы сэрвіс Google пачалі выдаваць сваім карыстальнікам папярэджаньне пра тое, што на навінавых старонках news.tut.by і it.tut.by, а таксама на Форумах TUT.BY можа знаходзіцца небясьпечнае праграмнае забесьпячэньне: «Існуе інфармацыя пра тое, што сайт news.tut.by выкарыстоўваецца для нападаў на кампутары карыстальнікаў… Сайты, якія атакуюць кампутары, спрабуюць усталяваць праграмнае забесьпячэньне, якое выкрадае пэрсанальную інфармацыю, шкодзіць вашай сыстэме ці выкарыстоўвае ваш кампутар для нападаў на іншыя кампутары». Папярэджаньне заснавана на выніках сканаваньня рэсурсаў пошукавым робатам Google. «У выніку праведзенай праверкі шкоднаснага ПА на навінавых старонках TUT.BY выяўлена не было», — паведаміў тэхнічны дырэктар TUT.BY Дзяніс Атвалка.

На працягу сьнежня 2009 году трывала тэставаньне новага дызайну галоўнае старонкі, і са студзеня новы дызайн быў прыняты, замясьціўшы сабой дызайн, які праіснаваў амаль дзесяцігодзьдзе[6].

25 верасьня 2020 году стала вядома, што паводле пазова Міністэрства інфармацыі партал хочуць пазбавіць рэгістрацыі ў якасьці СМІ[7][8]. Паседжаньне суду паводле пазова прызначана на 8 кастрычніка 2020 году[7][8]. 1 кастрычніка 2020 году ў падтрымку сваёй пазоўнай заявы й за асьвятленьне парталам пратэстаў у Беларусі (2020) Міністэрства інфармацыі прыпыніла рэгістрацыю TUT.BY у якасьці СМІ на тры месяцы[9]. Сам рэсурс заявіў, што пакуль мае намер працягнуць працу[9]. Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» раскрытыкавала такую палітыку ў адносінах да мэдыя[10].

У кастрычніку 2020 году Беларуская асацыяцыя журналістаў і рэдакцыі шэрагу незалежных СМІ выступілі з сумеснай заяваю з нагоды ціску на партал TUT.BY і абмежаваньня доступу да незалежных сайтаў[11][12]. У сумеснай заяве ЗША й яшчэ больш за пяцідзесяці краінаў і ЭЗ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад 26 кастрычніка 2020 году было сказана, што «нядаўнія захады адносна Tut.by, найбуйнейшага беларускага незалежнага СМІ, павінны спыніцца»[13][14]. Блёгер Сяргей Ціханоўскі ў лісьце да рэдакцыі «Брестской газеты» у лістападзе 2020 году асудзіў рэпрэсіі ўладаў у адносінах да журналісцкай супольнасьці, у прыватнасьці тое, што TUT.BY «душаць»[15].

Журналістка Кацярына Барысевіч, якая напісала артыкул пра забітага Рамана Бандарэнку ў 2020 годзе, была арыштавана ў Менску 19 лістапада 2020 году[16]. 2 сакавіка 2021 году была прыгавораная да шасьці месяцаў пазбаўленьня волі й штрафу ў 100 базавых велічынь[17].

Раніцай 18 траўня 2021 году да некалькіх рэдактараў TUT.BY дадому і ў офіс прыйшлі сілавікі. Камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да пасадовых асоб ААТ «Тут Бай мэдыя» пачата крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Нібыта зь 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ». Падчас расьсьледаваньня крымінальнай справы нібыта ўстаноўлена, што дырэктар ТАА «Тут Бай Мэдыя» Людміла Чэкіна, «дзейнічаючы ў групе з галоўным бухгальтарам Асад пры саўдзеле іншых асоб, ухіліліся ад выплаты ПДВ за 2020 год у асабліва буйным памеры». Па стане на 11.50 сайт перастаў працаваць, дамэн парталу заблякаваны. Мінінфарм пацьвердзіў, што абмежаваў доступ да інтэрнэт-рэсурсаў[18].


«

«Генэральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэньняў закону аб СМІ ў частцы разьмяшчэньня забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе Tut.by. У дадзеных матэрыялах утрымліваецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL. У адпаведнасьці з арт.38 закону аб СМІ на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд інфармацыі ад імя арганізацыяў, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю».

»

Па стане на 25 траўня 2021 году па справе TUT.BY 12 чалавек былі зьмешчаны ў СІЗА (генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка Марына Золатава, рэдактарка Вольга Лойка, намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка, журналістка Алена Талкачова, галоўная бухгалтарка Анжэла Асад, намесьніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік, галоўная інжынэрка Ала Лапатко, намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека, мэнэджар Андрэй Аўдзееў, дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктарка Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава); тры чалавекі (юрыстка Кацярына Ткачэнка, былая юрыстка Ірына Касьцючэнка, удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская знаходзіліся пад хатнім арыштам[19]. 25 траўня 2021 году дзевяць арганізацыяў (Вясна, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтар і іншыя) выступілі з сумеснаю заяваю й прызналі ўсіх 15 палітычнымі зьняволеным[19].

8 ліпеня 2021 году частка журналістаў TUT.BY, якая засталася на волі, прэзэнтавала часовы сайт Zerkalo.io(be)[2]. Паводле рэдакцыі, ён скончыць сваё існаваньне, калі TUT.BY зможа легальна аднавіць сваю працу ў Беларусі з усім архівам публікацыяў[2]. У той жа дзень доступ да сайту Zerkalo.io(be) ў Беларусі быў заблякаваны[20]. 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну на падставе пазовы МУС Беларусі прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы партала і яго сацыяльных сетак

14 чэрвеня 2022 году Эканамічны суд Менску прызнаў «ТУТ БАЙ МЭДЫЯ» «экстрэмісцкай арганізацыяй»[21].

17 сакавіка 2023 году ў Мінскім гарадзкім судзе быў абвешчаны прысуд: былую гендырэктарку Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву асудзілі на 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму[22].

У чэрвені 2023 года МУС Беларусі аб'явіла Zerkalo экстрэмісцкім фарміраваннем[23].

  • Усерасейскі інтэрнэт-конкурс «Залаты Сайт 2005» (намінацыя «Замежжа»)
  • Маскоўскі міжнародны фэст рэклямы 2005 (1 месца ў намінацыі «Інтэрнэт: Сайты» катэгорыі «Інфармацыйныя праекты»)
  • Нацыянальная інтэрнэт-прэмія tibo'2005 (намінацыя «Каталёгі і пошукавыя сыстэмы»)
  • Беларускі Інтэрнэт Форум (лепшы інтэрнэт-праект 2002 году)
  • 5-ы Кіеўскі Міжнародны фэст рэклямы 2004 (фіналіст у намінацыі «Інфармацыйныя рэсурсы: СМІ, інфармацыйныя парталы, серверы і агенцтвы»)
  • Усерасейскі інтэрнэт-конкурс «Залаты Сайт 2004»
  • Інтэрнэт-прэмія tibo'2004
  • Акцыя «IT-Leader 2004» — найболей часта згадваныя прадпрыемствы па выніках апытаньняў, праведзеных сярод уладальнікаў ПК і арганізацыяў
  • Першы Нацыянальны Конкурс у вобласьці разьвіцьця сувязяў з грамадзкасьцю «PRемия-2003»
  • Міжнародны фэст-конкурс «Выбар Году 2002»
  • Прэмія імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Ўсходняй Эўропы(ru)» (2021)[24]

У студзені 2002 году зьявіўся Цэнтар электроннага бізнэсу TUT.BY, мэта якога — аказаньне платных і бясплатных паслуг для беларускіх прадпрыемстваў, арганізацыяў, устаноў, у першую чаргу распрацоўкі і пасоўваньня сайтаў, кансалтынгу, хостынгу і г. д. З тых часоў TUT.BY адзіны ў двух асобах: Цэнтар электроннага бізнэсу забясьпечвае прыбытковую частку TUT.BY, а беларускі партал TUT.BY застаецца бясплатным для сотняў тысячаў беларусаў.

Як і ў большасьці інтэрнэт-парталаў, аснову бізнэсу TUT.BY складае інтэрнэт-рэкляма, якая прыносіць каля 75% прыбытку. На TUT.BY зьяўляецца рэкляма марачнай прадукцыі і іміджавая рэкляма гандлёвых марак (брэнд-маркетынг).

Другі паводле значнасьці прыбытковы падзел — платны хостынг. Хостынгавае падпадзяленьне кампаніі — Hoster.by — першым пасьля манапольнага рэгістратара «Адкрыты кантакт» атрымала ліцэнзію на рэгістрацыю дамэнаў у зоне .by.

Невялікія паступленьні таксама прыносяць кампаніі — гандлёвая пляцоўка і sms-сэрвісы.

З 2021 году асноўным уладальнікам «Тут Бай Мэдыя» зьяўлялася Яўгенія Чарняўская, дачка Юрыя Зісера й Юліі Чарняўскай[25].

З 2001 году TUT.BY выступае адным з арганізатараў і фундатараў Беларускага інтэрнэт-форуму. 5—6 кастрычніка 2006 году TUT.BY правёў першую галіновую канфэрэнцыю «Дзелавы Інтэрнэт». Некамэрцыйныя праекты, грамадзкія арганізацыі, музычныя калектывы атрымліваюць бясплатны хостынг на тэхнічнай пляцоўцы парталу.

У пачатку 2007 году TUT.BY падышоў з наступнымі вынікамі:

— колькасьць наведваньняў галоўнай старонкі павялічылася да 260-280 тысячаў у суткі;
— колькасьць паштовых скрынь павялічылася да 890 000;
— колькасьць беларускіх сайтаў у каталёгу павялічылася і склала 19 000;
— актуальная колькасьць вакансій і рэзюмэ вырасла да 22 000;
— лік паведамленьняў на форуме вырас амаль у 2 разы і склаў 3 000 000, а лік зарэгістраваных карыстальнікаў дасягнуў 59 000.

На 1 чэрвеня 2008 году:

  • колькасьць наведваньняў галоўнай старонкі павялічылася да 300-400 тысячаў у суткі
  • лік паведамленьняў на форуме перасягнуў адзнаку ў 5 мільёнаў і склаў каля 5 800 000, а лік зарэгістраваных карыстальнікаў дасягнуў 109 000

На 1 студзеня 2009 году:

  • лік заходаў унікальных наведвальнікаў на тытульную старонку складае 270 000 у суткі, якія ў суме адкрываюць яе 800-900 тыс. раз за дзень;
  • месячная аўдыторыя парталу — больш за 1,2 млн чалавек;
  • лік паведамленьняў на форуме перасягнуў адзнаку ў 6 мільёнаў і зараз складае каля 6 800 000, а лік зарэгістраваных карыстальнікаў дасягнуў 144 000.

Адзін з найболей запатрабаваных падзелаў TUT.BY — Навіны. Штодня рэдактарамі адбіраецца больш за 60 актуальных навін аб жыцьці беларусаў. Колькасьць чытачоў навін перавышае 115 000 у месяц. 18 сьнежня 2007 году лік апублікаваных навін на партале перавысіў 100 000.

Штомесяц больш за 1 000 000 карыстачоў праводзяць на партале шматлікія гадзіны. Каля 500 000 чалавек робяць гэта штодня. Штомесяц наведвальнасьць партала расьце на 10%, а аб’ём перадаванай інфармацыі (трафік) — на 15%. За гады існаваньня партала карыстачы стварылі больш за 100 тыс. форумаў, захавалі ў больш чым мільёне электронных паштовых скрынь 13 Тбайт лістоў. Штодня на партале рэгіструецца больш за 1000 новых карыстачоў, адпраўляецца і прымаецца каля 1,5 млн паштовых паведамленьняў.

19 сьнежня 2008 году колькасьць наведваньняў галоўнай старонкі партала ўпершыню перавысіла адзнаку ў 700 тысячаў (703 318). 26 студзеня 2009 году — 800 тысячаў (840 660). 23 сакавіка 2009 году — 900 тысячаў (920 610).

Максымальная колькасьць наведваньняў галоўнай старонкі за ўсю гісторыю існаваньня партала: 1 346 724 (1 лістапада 2010).

11 жніўня 2011 году колькасьць наведвальнікаў дасягнула 3 мільёнаў[26].

  1. ^ tut.by Competitive Analysis, Marketing Mix and Traffic (анг.). Alexa Internet. Архіўная копія ад 2020-12-03 г.
  2. ^ а б в «Когда независимых медиа в Беларуси становится меньше, пора запускать новые»: Команда TUT.BY запустила Zerkalo.io (рас.). Брестская газета (2021-07-08). Праверана 2021-07-13 г. Архіўная копія ад 2021-07-11 г.
  3. ^ Беларускі партал tut.by падключыўся да службы akavita.by // Фёдар Караленка, 17 сакавіка 2004 г. Праверана 16 траўня 2013 г.
  4. ^ Вікторыя Захарава. Радыё tut.by ператварылася ў інтэрнэт-тэлебачаньне // Зьвязда : газэта. — 27 студзеня 2010. — № 14 (26622). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Юрий Зиссер: Конкуренцию очень чувствуем(недаступная спасылка) (рас.)
  6. ^ С января титульная страница TUT.BY изменится(недаступная спасылка) (рас.), TUT.BY
  7. ^ а б TUT.by грозит потеря статуса СМИ (рас.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2020-09-25). Праверана 2020-09-25 г. Архіўная копія ад 2020-09-25 г.
  8. ^ а б TUT.by пагражае страта статусу СМІ. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2020-09-25). Праверана 2020-09-25 г. Архіўная копія ад 2020-09-25 г.
  9. ^ а б Belarus: Tut.by news site ban comes into force | DW | 01.10.2020 (анг.). Нямецкая хваля (2020-10-01). Праверана 2020-10-01 г. Архіўная копія ад 2020-10-01 г.
  10. ^ Kritik an Lukaschenkos Medienpolitik (ням.). Рэпартэры бязь межаў (2020-10-06). Праверана 2020-10-06 г. Архіўная копія ад 2020-10-06 г.
  11. ^ Друкарня адмаўляецца друкаваць незалежную "Брэсцкую газету" (бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2020-11-30). Праверана 2020-12-01 г. Архіўная копія ад 2020-12-01 г.
  12. ^ Типография отказывается печатать независимую "Брестскую газету" (рас.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2020-11-30). Праверана 2020-12-01 г. Архіўная копія ад 2020-12-01 г.
  13. ^ Joint Statement on the Human Rights Situation in Belarus (анг.). U.S. Embassy in Belarus (2020-10-28). Архіўная копія ад 2020-10-28 г.
  14. ^ Сумесная заява аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Амбасада ЗША ў Беларусі (2020-10-28). Праверана 2020-10-28 г. Архіўная копія ад 2020-10-28 г.
  15. ^ Сергей Тихановский: «Очень переживаю за давление на журналистов и журналистику»  (рас.) // Брестская газета. — 2020. — № 47 (936). — С. 8.
  16. ^ Адар'я Гуштын. (2020-11-27) Журналиста TUT.BY Катерину Борисевич перевели в СИЗО на Володарского. Письма ей почти не доходят (рас.). TUT.BYПраверана 2020-11-30 г. Архіўная копія ад 2020-11-30 г.
  17. ^ Belarus journalist sentenced for report on protester’s death (анг.). Associated Press (2021-03-02). Праверана 2021-03-04 г.
  18. ^ Сайт Tut.by адключаны. Да кіраўнікоў і ў офісы кампаніі прыйшлі з ДФР. Заведзеная крымінальная справа, Радыё Свабода, 18-05-2021
  19. ^ а б Заява аб прызнанні 15 затрыманых па справе TUT.BY палітычнымі зняволенымі (бел.). Вясна (2021-05-25). Праверана 2021-05-25 г. Архіўная копія ад 2021-05-25 г.
  20. ^ Massive crackdown on independent media throughout Belarus (анг.). Белсат (2021-07-08). Праверана 2021-07-08 г.
  21. ^ «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй»
  22. ^ Марына Золатава: Моцная ўлада не змагаецца з іншадумствам
  23. ^ Belarus: IPI denounces designation of Zerkalo as ‘extremist formation’ (анг.) International Press Institute
  24. ^ Ольга Кепински. (2021-08-12) Все награды Free Media Awards присуждены белорусским журналистам (рас.). euronews(be)Праверана 2021-08-12 г. Архіўная копія ад 2021-08-12 г.
  25. ^ Стало известно, кто основной владелец TUT.BY (рас.). The Village Беларусь (2021-05-21).
  26. ^ 3 мільёны карыстальнікаў на tut.by // Фёдар Караленка, 11 жніўня 2011 г. Праверана 16 траўня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]