Opera
«Опэра» (агляднік) | |
Распрацоўка | Opera Software ASA |
---|---|
Апошняя вэрсія | [+/−] |
АС | Ўіндоўз, МакАС, Лінукс, Хромбук, Андроід, іОС |
Тып | Ўэб-агляднік |
Ліцэнзія | Прапрыетарная дармовая з кампанэнтамі адкрытага крынічніку |
Афіцыйная старонка | opera.com (рас.) |
«Опэра» (анг. Opera) — дармовы сеціўны агляднік з крос-плятформавым ядром, створаны кампаніяй «Опэра Софтўэр».
Працуе ў асяродзьдзі Ўіндоўз, МакАС, Лінукс, Хромбук, Андроід, іОС, FreeBSD, Solaris, а таксама на мабільных плятформах Symbian, Java ME. «Опэра» таксама адзіны браўзэр для гульнявых прыставак Нінтэнда. У 2009 годзе колькасьць карыстальнікаў «Опэры» дасягнула 40 мільёнаў чалавек, дзякуючы прадусталяванасьці на такіх мабільных прыладах, як сотавыя слухаўкі, смартфоны і кішэнныя кампутары. Існуе ў перакладзе й на беларускую мову[1].
Магчымасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2024 год у азіральніку «Опэра» існавала магчымасьць выбару «прыватнага вакна», што дазваляла вычышчаць гісторыю наведваньняў аўтаматычна. Таксама «Опэра» мела ўбудаваны пераключальнік-паўзунок «VPN» (віртуальнай прыватнай сеткі) для імгненнага ўключэньня і выключэньня доступу праз проксі-сэрвэр у Швэцыі паводле змоўчаньня або ў ЗША на выбар. Гэта дазваляла праглядаць старонкі, даступныя ў Беларусі толькі празь віртуальную прыватную сетку. Такія самыя магчымасьці існавалі ў мабільным выданьні «Опэры» для смартфонаў на апэрацыйных сыстэмах «Андроід» і «іОС»[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У красавіку 1994 году навукоўцы дасьледніцкай лябараторыі нарвэскага прадпрыемства, цяпер вядомага як Тэленор, Ён Тэчнер і Хейр Іваршы пачалі стварэньне арыгінальнага азіральніка сеціва для настольных кампутараў. Першае выданьне праграмы зьмяшчала аснову для выкарыстаньня ўкладак, якія дазваляюць загружаць і праглядаць адначасова некалькі вэб-старонак у адным вакне браўзэра.
У 2001 годзе Opera пачала падтрымліваць прыладу жэсты мышы, якая палепшыла навігацыю ў сеціве, сыстэму хуткага набору, якая дазваляе хутка адчыняць сайты з галоўнай панэлі браўзэра, і мэханізм сынхранізаваньня. У 2009 годзе браўзэр стаў падтрымліваць сьцісканьне зьместу вэб-старонак, што дазволіла хутчэй іх загружаць. Браўзэр падтрымлівае наступныя магчымасьці:
- паштовы кліент;
- адрасная кніга;
- файлаабменная сетка BitTorrent;
- стужкі навінаў;
- IRC;
- кіраваньне запампоўкамі;
- падтрымка пратаколу бяздротавых праграмаў[3].
Дзявятае выданьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 чэрвеня 2006 году пабачыла сьвет дзявятае выданьне браўзэра зь перакладам на 25 моваў[4] і наступнымі новымі ўласьцівасьцямі:
- падтрымка файлаабмену праз сетку BitTorrent;
- падтрымка фішак (убудоваў);
- магчымасьць дадаваць пошукавікі[5].
Дзясятае выданьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 верасьня 2009 году выйшла Opera 10 зь перакладам на 43 мовы і наступнымі зьменамі:
- падтрымка вызначэньня хуткасьці перадачы дадзеных і ў выпадку яе паніжэньня сьціску зьместу вэб-старонкі для хутчэйшага адкрыцьця;
- паменшаныя малюнкі вэб-старонак на панэлі з укладкамі пры апусканьні яе ніжняе мяжы;
- магчымасьць наладкі панэлі, што адлюстроўвае наведаныя вэб-старонкі;
- аўтаматычная загрузка абнаўленьняў;
- праверка правапісу на аснове адчыненага слоўніка Hunspell, які падтрымлівае 51 мову[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ (анг.)Opera Download// Сайт «Opera». Дата доступу: 1 верасьня 2009
- ^ Самы зручны VPN. Расказвае практык // Партал «Наша ніва», 9 студзеня 2022 г. Праверана 15 студзеня 2022 г.
- ^ Браўзэру Opera споўнілася 15 гадоў// Беларускія навіны ІТ. 28 красавіка 2009
- ^ Jon Tetzchner Your Web, Your Choice: Opera 9 Gives You the Control (анг.). Opera Software. Праверана 23 верасьня 2009 г.
- ^ Jim Rapoza Opera 9 Is Music to eWEEK Labs Ears (анг.). eWeek. Праверана 10 ліпеня 2006 г.
- ^ Выйшла фінальная версія Opera 10// Беларускія навіны ІТ. 1 верасьня 2009
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула пра сеціва. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |